ЦЭНТРА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т КПЗБ (ЦК КПЗБ),

вышэйшы кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Выбіраўся на з’ездах і канферэнцыях КПЗБ. Кіраваўся Праграмай і Статутам Кампартыі Польшчы (КПП), падпарадкоўваўся ЦК КПП. Паміж з’ездамі ажыццяўляў кіраўніцтва арганізац., агітац.-прапагандысцкай дзейнасцю партыі, яе акр. і раённых арг-цый. Друкаваныя органы — газеты і часопісы «Чырвоны сцяг», «Бальшавік», «Партыйнік», «Бюлетэнь ЦК КПЗБ», «Весткі з СССР» і інш. Зыходзячы з нелегальных умоў працы, складаўся фактычна з дзвюх частак — Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ і Бюро ЦК КПЗБ. З 1923 нелегальна размяшчаўся ў Беластоку і Вільні. Пасля ўстанаўлення ў маі 1926 у Польшчы «санацыйнага рэжыму» Краявы сакратарыят ЦК КПЗБ размяшчаўся ў Варшаве, Бюро ЦК КПЗБ — у Гданьску, Берліне, Капенгагене (з 1933). Частка членаў ЦК КПЗБ знаходзіліся ў Мінску, ажыццяўлялі кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі, Мінскай школай КПЗБ. Колькасны склад членаў ЦК КПЗБ: на I канферэнцыі КПЗБ (кастр. 1923) выбрана 4 чл. ЦК (у снежні іх колькасць павялічана да 7 чл.), на II канферэнцыі (ліст. 1924) — 8 чл. ЦК, на III канферэнцыі (студз. 1926) — 11 чл. і 5 канд. у чл. ЦК, на II з’ездзе КПЗБ (май 1935) — 11 чл. і 5 канд. у чл. ЦК. Сакратары ЦК КПЗБ: з 1923 — С.​Т.​Мілер, Л.​Н.​Аранштам, А.​П.​Данялюк; у 1925—36 — І.​К.​Лагіновіч.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 17, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)